БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.

М.Ф.Раманюк.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)